“Памятныя месцы в. Палонка”
Мэта экскурсіі: папулярызацыя гісторыі малой радзімы
Задачы: пазнаёміць з гісторыяй узнікнення і станаўлення вёскі;
прыцягнуць увагу да цікавых гістарычных аб’ектаў роднай вёскі;
выклікаць пачуццё гонару за багатае гістарычнае мінулае і садзейнічаць фарміраванню актыўнай грамадзянскай пазіцыі, адказнасці за адраджэнне і захаванне гісторыка-культурнай і прыроднай спадчыны сваёй малой радзімы.
Працягласць маршруту 8-9км.
Від экскурсіі: веласіпедны, пешы
Час: 1,5г
Узрост: 10-16 год
КАРТА-СХЕМА ПАМЯТНЫХ МЕСЦАЎ
в. ПАЛОНКА
УМОЎНЫЯ АБАЗНАЧЭННІ.
1-2. Памятны знак на месцы Палонкаўскай бітвы.
3. Магіла ахвяр фашызму.
4. Брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан.
5. Яўрэйскія могілкі.
6. Брацкая магіла жыхароў Палонкі і навакольных вёсак.
7. Брацкая магіла яўрэяў.
8. Свята-Мікольская царква.
9. Касцёл абраза найсвяцейшай Дзевы Марыі.
Там, дзе сосны ўзнімаюцца гонка,
Дзе цячэ невялікі ручай,
Размясцілася вёска Палонка,
Гэта мой, дарагі, мілы край.
Наша вёска – адна з буйнейшых у Баранавіцкім раёне. Знаходзіцца яна каля рэчкі Палонка (прыток Ісы) ў дваццаці кіламетрах на захад ад г. Баранавічы, на аўтамабільнай дарозе Новая Мыш–Слонім і ў 4 кіламетрах ад чыгуначнай станцыі Палонка, праз якую праходзяць цягнікі з Баранавіч на Слонім, Ваўкавыск, Гродна.
Гісторыя вёскі вельмі разнастайная. Вёска Палонка, як і ўсе Баранавіцкія землі ўваходзілі ў склад Вялікага Князства Літоўскага. У час падзелу Вялікага Князства Літоўскага пачынаючы з 1413 года было многа ўладальнікаў маёнтка Палонка. У 1428 годзе князь Вітаўт падарыў сваёй жонцы Наваградскі павет, у склад якога ўваходзіў і маёнтак Палонка.
У 1495 Маршалак і намеснік Слонімскі Ян Літавор Храптовіч атрымаў пацвярджальны прывелей на куплю маёнтка Палонка на вечнасць.
У 1526 годзе князь Андрэй Аляксандравіч Сангушка-Несухаежскі з дапамогай Вялікага князя Жыгімонта Старога адстаяў свае правы на маёнтак Палонка.
У 1598 годзе маёнтак Палонка—уласнасць Барташа Бруханскага. Слонімскі земскі суддзя Стэфан Бруханскі ў 1680 годзе выдае фундуш (дакумент) на будаўніцтва ў мястэчку Палонка ўніяцкай царквы і каталіцкага дамініканскага кляштара, які праіснаваў з 1680 па 1830 гады. Палонкаўскія дамінікане валодалі маёнткам да 1830 года, пакуль ён не перайшоў ва ўласнасць шляхціча Кабылінскага.
Ва ўняіцкую парафію ў 1773 годзе ўваходзілі маёнтак і сем навакольных вёсак з 121 дваром: Палонка - 16 двароў, Гінбуты - 15 двароў, Жарабілавічы - 13 двароў, Гараны - 15 двароў, Дзеткавічы - 18 двароў, Дзекалы - 8 двароў, Свіраны - 31 двор, Зарэчча - 15 двароў.
У 1874 годзе адкрыта народнае вучылішча, у якім навучалася 96 дзяцей, з іх 8 дзяўчынак. У 1900 годзе настаўніцай была Кацярына Завусцінская. .
У 1885 годзе ў Палонцы налічвалася 20 двароў і пражывала 200 чалавек. У Палонцы было дзве яўрэйскія школы, працавалі праваслаўная царква, царкоўна-прыхадская школа і царкоўна-прыхадское апякунства. Праваслаўны прыход налічваў 1400 вернікаў. Царкве належыла каля 60 дзесяцін зямлі, у тым ліку 35 дзесяцін ворыва.
У пачатку ХХст. - ужо 56 двароў і 495 жыхароў. Летам 1906 года настаўнікі Лісоўскі, Буляк, Кужалевіч вялі агітацыю сярод тутэйшых сялян, распаўсюджвалі лістоўкі і пракламацыі, якія заклікалі сялян да барацьбы з царызмам і памешчыкамі.
Паводле польскага перапісу 1921 года Палонка—гэта мястэчка Навамышскай гміны Баранавіцкага павета Навагрудскага ваяводства і налічвала 55 дамоў, 440 жыхароў.
Пачынаючы з 12 кастрычніка 1940г. вёска - цэнтр сельскага савета. З канца чэрвеня 1941 года да 8 ліпеня 1944 года акупіравана нямецка-фашысцкім захопнікамі, якія загубілі каля сямісот чалавек.
На 1 студзеня 2004г. 155 двароў, 780 жыхароў.
На 1 студзеня 2010 г. 292 гаспадаркі, 745 пастаянна пражываюць жыхароў.
Адкуль пайшла назва вёскі
Калі верыць легендзе, то вёска размешчана каля рэчкі Палонка, прытока Ісы. Раней ля вытока рэчкі было бяздоннае незамярзаючае азярцо (палонка), у якім патанула конніца рымскіх татар. Коні вельмі хацелі піць і ўсе разам кінуліся да палонкі. Лёд не вытрымаў і яны пайшлі на дно.
Дарогу праз вёску ў народзе называюць Напалеонаўскім трактам. Таму лічаць, што калі напалеонаўскія салдаты адступалі, яны трапілі на багністае замёрзшае возера каля вёскі. Воіны былі на конях. Лёд не вытрымаў, стаў ламацца і коннікі “пайшлі” на дно. Правальваючыся яны крычалі: “Паломка! Паломка! Палонка!”
У сённяшні час у Палонцы працуюць выканкам сельсавета, аддзяленне “Палонка” птушкафабрыкі “Дружба”, сельскі Дом культуры, бібліятэка, дзіцячы сад-сярэдняя школа, ФАП, аптэка, аддзяленне сувязі, аддзяленне па надзвычайных сітуацыях, лясніцтва, 2 магазіны.
ГІСТАРЫЧНЫЯ ПОМНІКІ
(Помнік-валун у гонар Палонкаўскай бітвы
27 чэрвеня 1660г.)
Пры ўездзе ў вёску Палонка ёсць невялікі памятны знак, які знаходзіцца з левага боку. Ён прысвечаны гадавіне бітве пад Палонкай.
Сярод шматлікіх гістарычных падзей, якія адбыліся на тэрыторыі Баранавіцкага раёна, бітва пад Палонкай з’яўляецца найбольш значнай, але, амаль што невядомай старонкай нашай гісторыі.
Бітва пад Палонкай была па сваіх выніках адной з вырашальных падчас вайны паміж Рэччу Паспалітай і Маскоўскай дзяржавай у 1654 - 1667 гады. Урад Аляксандра Міхайлавіча імкнуўся дасягнуць у ёй некалькі мэт, галоўнай з якіх быў захоп Беларусі, Правабярэжнай Украіны, Польшчы і Літвы.
У гэтай бітве супраць Маскоўскай дзяржавы выступалі войскі Вялікага Князства Літоўскага пад кіраўніцтвам Паўла Сапегі. У дапамогу яму кароль Ян Казімір паслаў ваяводу Стэфана Чарнецкага. У аб’яднаных дывізіях было 11 тысяч ваяроў і 7 гармат. Вядома, што ў дэвізіі Сапегі былі пераважна ўраджэнцы заходняй Беларусі. З боку Маскоўскай дзяржавы войскам кіраваў Князь Хаванскі, які пакінуўшы пад Ляхавічамі і Нясвіжам частку сваёй арміі, з 22-тысячным войскам і 60 гарматамі рушыў насустрач харугвам Сапегі і Чарнецкага. Арміі сустрэліся каля Палонкі.
Для таго каб больш падрабязна пазнаёміцца з ходам бітвы пад Палонкай, яе значэннем і вынікамі можна выкарыстаць таблічку з QR-кодам, якая некалькі гадоў таму з’явілася каля помніка.
З 26 чэрвеня 1941 года па 8 ліпеня 1944 года вёска была акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У памяць аб жудасцях той вайны у вёсцы ёсць брацкая магіла загінуўшых воінаў Савецкай арміі і партызан, якія ўдзельнічалі ў баях пры вызваленні Баранавіцкага раёна.
(Брацкая магіла )
У 1944 г. была выкапана глыбокая і шырокая яма. У дваццаць чатыры труны, зробленых полонкаўцамі, былі складзены рэшткі загінуўшых з усёй акругі і пахаваны.
На гэтым месцы разбіты скверык. Помнік – фігуравоіна, устаноўлены ў 1957 годзе. На падмуркуз аднаго боку помніка прымацавана пліта з імёнамі загінуўшых у час вайны партызан і сялян. А з другога боку – прозвішчы воінаў Савецкай арміі, якія загінулі летам 1944г. пры вызваленні тэрыторыі нашага раёна. Усяго пахавана 54 чалавекі.
Побач з брацкай магілай знаходзіцца захаванне першага пасля вайны старшыні сельскага савета П.Г. Шчарбакова.
Нарадзіўся Пётр Гаўрылавіч 3 верасня 1910 года ў вёсцы Верхне-Ашкаева, Жмадрынскага раёна, Карарыйскай вобласці. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны быў старшынёй калгаса і сельскага савета. Яго сям’я знаходзілася ў канцэнтрацыйным лагеры пад Баранавічамі, адкуль былі вызвалены. 1 жніўня 1944 года быў прызваны ў рады Чырвонай Арміі. Удзельнічаў ў вызваленні Польшчы, Германіі. За авалоданне горадам Шчэцінам была аб’яўлена падзяка ў 1945 годзе. Узнагароджаны медалём “За Победу над Германией”.
Вясной 1946 года Шчарбакоў Пётр Гаўрылавіч быў прызначаны старшынёй Палонкаўскага сельскага савета. Пётр Гаўрылавіч займаўся арганізацыяй брацкай магілы, дзе былі пахаваны рэшткі воінаў Чырвонай Арміі, загінуўшых пры вызваленніі тэрыторыі Палонкаўскага сельскага савета летам 1944 года.
Шчарбакоў вёў актыўную прапаганду па арганізацыі калгаса, займаўся нарыхтоўкамі сельскагаспадарчай прадукцыі, вырашаў многія бягучыя пытанні.
7 снежня 1947 года камуніст Пётр Гаўрылавіч быў забіты людзьмі, якія не падпарадкаваліся савецкай ўладзе. Пахаваны старшыня ў скверыку вёскі Палонка побач з брацкай магілы. На яго магіле ўстаноўлены помнік.
У 1983 годзе на будынку выканкама сельскага савета была прымацавана мемарыяльная дошка Шчарбакову Пятру Гаўрылавічу дзеля ўвекавечання памяці, загінуўшага ад рук ворага савецкай ўлады.
У гонар П.Г. Шчарбакова названа адна з вуліц нашай вёскі.
Калі будзем рухацца далей па вул.Слонімская, то злевага боку, непадалёк ад мясцовых могілак, заўважым звычайны металічны крыж. Гэта таксама напамін аб Вялікай Айчыннай вайне.
У першы дзень акупацыі ў вёску са Слоніма прыйшлі дзве сям’і бежанцаў, што уцякалі ад фашыстаў. На выхадзе з вёскі іх нагналі фашысты і расстралялі з кулямёта. Мясцовыя жыхары іх пахавалі. Зараз магіла бежанцаў знаходзіцца каля старых вясковых могілкаў. Гэты былі першыя ахвяры фашыстаў у вёсцы.
У 2010 годзе ветэраны вёскі Палонка паставілі на магіле крыж і зрабілі металічную агароджу.
Але гэта не ўсе напаміны аб жудасцях фашысцкіх захопнікаў. Вернемся назад на 100м і павернем улева на в.Фабрычная, а затым на звернем на в. Лясная. Тут нашу ўвагу прыцягнуць нейкія камяні, што размешчаны ў не зусім зразумелым парадку.
Паўстае пытанне: “Адкуль яны тут узяліся каля жылых дамоў?” Аказваецца гэта яўрэйскія могілкі.
(Яўрэйскія могілкі)
Яны адрозніваюцца ад хрысціянскіх. На гэтых могілках няма крастоў, а на месцах захаранення стаяць камяні “мацевот”. Таксама ў яўрэяў не прынята памяшчаць на камянях фотаздымкі памерлага. На камянях 1800-ых гадоў можна ўбачыць разныя фігуркі барэльефу рэлігіёзнага характару. Ёсць камяні з надпісамі, што пачынаюцца з 19..., значыць гэта пахаванні XX веку. Такія камяні рабілі ў спецыяльных майстэрнях. На могілках камянямі вылажана шасціканцовая зорка Давіда. Гэта сімвал яўрэйскага народа, які выкарыстоўваецца з мэтай абароны ад злых духаў і разрушальных сіл.
Яўрэі ўпершыню пасяліліся ў Палонцы у XVI веку, магчыма па запрашэнню князёў Радзівілаў. Па гістарычным даным у 1765 годзе ў вёсцы пражывала каля 124 яўрэяў. А ў 1900 годзе іх стала больш - 549, а гэта складала 85% усяго насельства вёскі (тады у Палонцы жыло 645 чалавек). Большасць яўрэяў былі рамеснікамі і займаліся продажам.У яўрэйскай суполцы былі свае могілкі, сінагога. Таксама вядома што ім належала маслабойня на беразе ракі.
(Брацкая магіла на месцы пахавання расстраляных мірных жыхароў)
На ўскрайку лесу за Палонкай ў напрамку в. Гарэльня знаходзіцца вось гэты камень-валун, агароджаны бетонным плотам, з мемарыяльнай шыльдай на якой напісана, што ў 1942 годзе тут фашыстамі былі расстраляны 140 мірных жыхароў.
У гады нямецкай акупацыі ў Палонцы размяшчаўся нямецкі гарнізон і паліцэйскі пастарунак. Фашысты ўсе гады акупацыі бязлітасна знішчалі як палонкаўцаў, так і людзей з навакольных вёсак па розных прычынах. Ахвяр звозілі за вёску Палонка ў лясочак ад Гарэльні у загадзя выкапаную вялікую яму, крыху прысыпалі. Яма запаўнялася напрацягу доўгага часу. У гэтай брацкай магіле пахаваны людзі розных нацыянальнацей: беларусы, рускія, палякі і іншыя.
А непадалёку знаходзіцца другое захаванне, дзе пакояцца растраляныя фашыстамі яўрэі з в. Палонка.
Сведкі вайны расказвалі, што фашысты заставілі маладых людзей в.Палонка і навакольных вёсак выкапаць шырокую і глыбокую яму з прыступкамі, быццам бы пад склад з боепрыпасамі. А ў адзін з наступных дзён, ранкам, паліцаі пачалі выганяць са сваіх дамоў яўрэяў і ставіць іх у калону (яўрэі пражывалі ў той час у 40 дамах). Пагналі ў лес да выкапанай ямы. Там партыямі заганялі ў яму і расстрэльвалі. У гэты дзень загінулі ўсе яўрэі в. Палонка.
Дату расстрэлу яўрэяў вёскі Палонка паліцаямі і немцамі сведкі ўспамінаюць прыблізна: Чэрнік А. В., лічыць, што гэтая трагедыя адбылася ўвосень 1942 года, Яцкевіч А. І. лічыць, што гэта было летам 1943 г. А вось Вальтэр Лях, які жыў у час вайну ў Швецыі, а яго бацькі жылі ў вёскі Палонка і былі расстраляныя фашыстамі, паказвае канкрэтную дату - 12 жніўня 1942 г. Ён называе канкрэтную колькасць загінуўшых - 340 чалавек
Пра гэта захаванне многія жыхары вёскі не ведалі. У чэрвені 2011 года беларуская яўрэйская суполка на месцы растрэлу паставіла гранітны помнік з надпісам на чатырох мовах: “Ахвярам нацызму. Тут у 1942 г. былі зверскі закатаваны 350 яўрэяў і мясцовых жыхароў”.
Недалёка ад сельскага савета знаходзіцца брацкая магіла расстраляных актывістаў.
9 красавіка 1942 года ў лесе нямецкія карнікі расстралялі 14 мясцовых актывістаў, арыштаваных па даносе. Пасля вайны мясцовымі ўладамі ў 1977 годзе на гэтым месцы быў устаноўлены абеліск і агароджаны жалезным плотам. На помніку маецца шыльда з прозвішчамі расстраляных.
ПОМНІКІ АРХІТЭКТУРЫ
(Свята-Мікалаеўская царква)
Царква ў вёсцы Палонка існавала ў ХVІ стагоддзі. У 1798г. у Палонкаўскай царкве было тры кніжкі: “Трэбнік”, выдадзены ў Супраслі, рукапіснае “Евангелле” і польскамоўнае друкаванае “Евангелле”.
Згодна з апісаннем Мінскай епархіі 1864 года ў мястэчку Палонка знаходзілася Свята-Параскева-Пятніцкая, сёмага класа драўляная царква, пабудаваная коштам былога дамініканскага манастыра. Пры царкве было 36 дзесяцін зямлі. Прыхаджан 706. Царква мела форму падоўжанага прамавугольніка са звонніцай у франтоннай частцы. Дах гонтавы, вокны размешчаны ў адзін рад, адныя дзверы. Унутры падлога ў царкве была з цэглы, столь падшыта дошкамі, сцены пабелены. Іканастас быў драўляны і складаўся з 11 абразаў народнага пісьма. Пафарбаваны ў сіні колер.
Настаяцелем храма быў Мікалай Бабарыка, рукапаложаны ў 1868 годзе. Яго прозвішча, як настаяцеля храма, ўпамінаецца ў Памятных кніжках Мінскай губерніі да 1914 года ўключна.
Пры царкве было заснавана царкоўна-прыходскае папячыцельства і царкоўна-прыхадская школа.
Будынак Храма быў вельмі стары. Драўляная страха цякла і ў час службы знаходзіцца там было небяспечна. Таму ў 1880 годзе пачалося будаўніцтва новага будынка царквы. Сродкі для яе будаўніцтва былі выдзелены ўрадам, таксама мясцовым землекарыстальнікам і начальнікам чыгуначнай станцыі “Жарабілаўка”.
14 чэрвеня 1888 года па благаславенні Прэасвяшчэннага Варлаама, епіскапа Мінскага і Тураўскага здзейснена было асвячэнне царквы ў гонар Свяціцеля Мікалая Цудатворца. Здзяйсняў асвячэнне настаяцель Ястрамбельскай царквы айцец Іаан Лаўроўскі разам з іншымі свяшчэннаслужыцелямі.
У 1937 годзе на месцы старога будынка была пабудавана новая царква ў імя Свяціцеля Мікалая Цудатворца, якая і сёння знаходзіцца ў в.Палонка. Кампазіцыя храма мае сіметрычнавосевую чатырохчастную аб’ёмна-прасторавую будову. Да квадратнага асноўнага сасновага зрубу далучаюцца: з усходу– пяцігранная апсіда з дзьвюма рызніцамі, з захаду – прытвор і званіца з шаравым верхам. Пакаты чатырохсхільны дах асноўнага зруба завершаны васьмігранным светлавым барабанам, з гранёнай цыбулепадобнай галоўкай на невысокім шатры. Інтэр’ер храма асвечаны высокімі прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў простых ліштвах і арачнымі вокнамі светлавога барабана. Апсіду вылучае драўляны іканастас позняй работы.
22 ліпеня 1965 г. рашэннем №266 выканаўчы камітэт Баранавіцкага раённага Савета дэпутатаў працоўных зняў з уліку прыхадскую царкву ў вёскі Палонка, матывуючы рашэнне невялікай колькасцю вернікаў і адсутнасцю святара. Аднак мясцовыя жыхары не адчынілі царкву(схавалі ключ), а ламаць замок прадстаўнікі ўлады не сталі. Дзякуючы гэтаму царква захавалася і ў пачатку 90 гадоў зноў пачала дзейнічаць пасля капітальнага рамонту.
На тэрыторы царквы маюцца захаванні:
Іераманаха Адрыяна (10.07.1935—18.06.1996г.);
Святара Уладзіміра Ігнацьевіча Бабарыка (1820-1903г.), яго жонкі-матушкі Анны (1904г.);
Святара Канстанціна Раждзественскага (1954г.)
Некалькі гадоў таму настаяцель храма айцец Міхаіл разам з прыхажанамі зрабілі капітальны рамонт царквы
(Храм пасля капітальнага рамонту (2018г.)
Касцёл абраза насвяцейшай Дзевы Марыі быў закладзены ў 1536г., барочнага стылю і належыў манахам ордэна дамініканцаў.
У 1680 годзе у вёсцы быў утвораны дамініканскі манастыр, які праіснаваў да 1830 года.
У 1924 годзе на яго месцы быў пабудаваны парафіяльны драўляны касцёл, які абслугоўваў у 1935 годзе каля 1200 парфіян і правіў у ім ксёндз Ясінскі. Будынак касцёла захаваўся і ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Ён знаходзіўся на месцы сучаснага лясніцтва. Ксёндз Ясінскі выехаў у Польшчу ў 1948 годзе.
Некаторы час касцёл быў закрыты. У пяцідзесятыя гады набажэнствы ў касцёле ўзнавіліся. Некалькі разоў у месяц прыязджалі ў Палонку святары з в. Лясная і горада Баранавічы.
Пазней у будынку касцёла ўлады зрабілі зернесховішча, яшчэ пазней - клуб, які праіснаваў да 1962 года. У 1962 г. будынак касцёла разабралі і пабудавалі драўляную школу.
Доўгі час касцёла ў в.Палонка не было і служба не праводзілася. З 1988 г. у в. Палонка стаў прыязджаць святар з Новай Мышы Валянцін Новак. Ён праводзіў службы па хатах парафіян, а потым у сельскім Доме культуры.
Каталіцкая суполка вырашыла ўзнавіць касцёл і пачала яго будаваць. Будаўніцтва новага касцёла пачалося 16.07.1987 года сіламі парафіян і працягвалася некалькі гадоў. Грошы збіралі прыхаджане, завезлі блокі, цэглу. Кіраўніцтва комплекса “Усходні” выпісала 15 тон цэменту і рабочыя вёскі Палонка пад кіраўніцтвам Громава Леаніда Андрэевіча пачалі будаўніцтва па праекце, які прывёз з Польшчы святар Новак Валянцін.
Служэнне ў новым будынку касцёла пачалося ў 1996 годзе.
У цяперашні час касцёл працуе сістэматычна і абслугоўвае парафіян з бліжэйшых вёсак
ЗАКЛЮЧЭННЕ
Мы здзейснілі падарожжа па гістарычным прошлым нашай вёскі. Мы даказалі, што праз нашу вёску могуць праходзіць экскурсійныя маршруты, так як у нас ёсць месцы, пра якія трэба ведаць і помніць. Калі не мы будзем пра гэта помніць, то хто?..
Запрашаем гасцей вёскі Палонка і яе ваколіцы прыехаць сюды і акунуцца ў рэальнасць нашай цікавай гісторыі і культурнага жыцця, маляўнічай прыроды і чыстага паветра. І вы будзеце ўражаныя і ніколі не забудзецеся пра нашу Палонку!
У заключэнні хочацца нагадаць верш А.Багдановіча. (былога вучня, выпускніка 2010 года)
Я - з Палонкі!
Узмахнулі крыламі буслы,
І ў неба ўзняліся гонка,
Велічава, павольна плылі,
Пралятаючы над вёскай Палонка.
Бязмежны яе краявіды,
Маленькая рэчка цячэ.
За вёскай вялізныя скірды.
Дзе знойдзеш такое яшчэ?
Люблю сваю родную вёску,
І гонар у сэрцы расце:
Цудоўней і лепш за Палонку
Няма болей вёскі нідзе!