ДУА “Арабаўшчынская базавая школа” Баранавіцкага раёна
Экскурсійны маршрут
“Сляды вайны”
(прысвечаны Калдычэўскаму лагеру смерці)
- Мемарыяльная кампазіцыя,
прысвечаная ахвярам Калдычэўскага лагера смерці
Цяжкія выпрабаванні ляглі на долю Беларусі ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Фашысцкія захопнікі знішчылі 2,5 мільёны чалавек, вывезлі ў Германію 380 тысяч юнакоў і дзяўчат. Уся Беларусь была пакрыта сеткай канцэнтрацыйных лагераў і турмаў.
Жудаснымі ўспамінамі аб вайне напоўнена і наша родная старонка.
Па-рознаму ўспамінаюць гэтую вёсачку, што прытулілася пры дарозе, якая злучае старажытны Навагрудак з Баранавічамі. І як маляўнічы куток – вёска размясцілася на ўзгорках. І як месца, дзе пачынаецца Шчара – адна з буйнейшых беларускіх рэчак. І як адзін з арыенціраў на турысцкім маршруце па месцах, звязаных з імем вялікага Адама Міцкевіча.
Калдычэва запомнілася як сведка злачынстваў нямецка-фашысцкіх захопнікаў на тэрыторыі Беларусі.Тут у 1942-1944 гг. на месцы былога панскага маёнтка дзейнічаў канцэнтрацыйны лагер. Дзясяткі мірных савецкіх грамадзян прайшлі праз яго. У Майданак, Асвенцім, на катаржную працу ў Германію ляжаў адсюль іх шлях… Для 22 тысяч чалавек ён быў карацейшы – іх расстралялі ў наваколлях лагера.
Помнік, устаноўлены ля дарогі, якая злучае Навагрудак і Баранавічы прыцягвае, прымушае задумацца, успомніць, заклікае быць болей рашучымі ў барацьбе за тое, каб ніколі не паўтарылася вайна.
На адной з каменных пліт высечаны наступныя словы:
“Калі скажуць, што попел маўчыць, - не верце.
Не верце, што ў вас пад нагамі маўклівы жвір…
Чуеце? Мы вам заклінаем жыццём і смерцю:
Цаніце мір! Беражыце мір!”
На другой пліце: “Людзі, спыніцеся! Тут у гады Вялікай Айчыннай вайны быў Калдычэўскі лагер смерці. 22 тысячы мірных грамадзян загінулі ад рук гітлераўскіх катаў”.
Прапануем наведаць месцы тых трагічных падзей, аб якіх нам нагадвае помнік.
- Калдычэўскі лагер
Перад намі сведка злачыннай дзейнасці фашыстаў. Жахлівы, паўразвалены будынак былога Калдычэўскага лагера. Двухпавярховы, з тоўстымі сценамі, з маленькімі ўмацаванымі кратамі, вокнамі. У ім пакутавалі мірныя людзі. Па гэтых калідорах праходзілі яны, запаўняючы камеры смяротнікаў. Праз гэтыя краты глядзелі яны на дрэвы, неба…
Умовы лагера, адносіны паліцаяў – усё было разлічана на тое, каб прынізіць, зняважыць, зламіць волю да супраціўлення вязняў.
Першыя партыі палонных даставілі ў лагер у сакавіку 1942 года з Баранавіцкай турмы. Па чарзе білі ўсіх і жанчын і дзяцей. Жыхар Баранавіч Алфёраў, які трапіў у адну з першых партый палонных у ліку 200 чалавек, паведаміў, што сярод іх апынуўся хлопчык, які спрабаваў бегчы. Камендант Сянкевіч разбіў хлопчыку галаву, а камендант лагера Фрыц Іаран заявіў: “Так будзе з кожным, хто паспрабуе бегчы”.
Вязням забаранялася размаўляць паміж сабой, а сувязь з палоннымі іншага барака каралася расстрэлам, хворых забівалі ў першую чаргу. Многія вязні ўспамінаюць жудасную сцэну, калі 17-гадовага хлопца, які паспрабаваў бегчы, камендант аховы Калько прывязаў да варот і заставіў выкрыкваць: “Я ўцякаў, мяне злавілі!”. На пакаранне смерцю гэтага хлопца сабралі ўсіх палонных. Яго павесілі на адной з віселіц лагера, але пятля абарвалася. Малады ўрач Лукашэня і пажылы свяшчэннік Валасевіч прасілі злітасцівіцца над ім. Калько загадаў ім цалаваць павешанаму ногі, а затым іх расстралялі.
Успамінаюць вязні, як дваццаць жанчын, а з імі дзевятнаццаць дзяцей пагналі на расстрэл. У іх вырывалі дзяцей і кідалі ў аўтамашыну, як дровы. Жанчын расстралялі, а дзяцей аблілі бензінам і спалілі ў лесе.
Нямецка-фашысцкія захопнікі ў канцлагеры Калдычэва стварылі спецыяльную камеру катаванняў. Яна знаходзілася пад будынкам упраўлення лагера. Вязням канцлагера праколвалі іголкамі языкі, падвешвалі, расцягвалі мышцы і нацкоўвалі на іх спецыяльна выдрэсіраваных сабак.
Створаны лагер смерці меў 12 памяшканняў летняга тыпу. У кожнай камеры ўтрымлівалася па 18 чалавек. Вязні спалі на нарах у тры ці чатыры паверха, на тонкім пласце саломы. Памяшканні амаль ніколі не ацяпляліся.
Тэрыторыя лагера агароджвалася некалькімі радамі калючага дроту, усталёўвалася ўзмоцненая ахова з выкарыстаннем дзотаў, пражэктараў, спецыяльна выдрэсіраваных сабак і, нават, укапаных у зямлю танкаў. Зносіны са знешнім светам вязням забаранялася.
Кармілі так, каб не памерці ў адзін дзень усім адразу.Тры разы ў дзень вязні атрымлівалі “баланду” – завараную ў вадзе жытнюю муку. Тое, што называлася хлебам, выдавалася па 140 грамаў у дзень. З-за дрэннага харчавання, вязні хварэлі і паміралі. У бараках часта здараліся ўспышкі хвароб.
Кожны дзень вязні лагера абавязаны былі працаваць. Працавалі на здабычы торфу. Нормы выпрацоўкі былі вельмі вялікімі: 1550 плітак торфу для мужчын і 1150 для жанчын. За невыкананне нормы ўжываліся розныя пакаранні.
Пагалоска аб страшэнным месцы распаўсюджвалася, і жыхары бліжэйшых вёсак баяліся нават прыблізіцца да лагера, абыходзілі яго за 5-6 кіламетраў.
Недалёка ад будынка былой турмы знаходзяцца дубы, якія заўсёды прыцягваюць увагу наведвальнікаў мемарыяла. У гэтыя дубы былі ўбітыя жалезныя крукі, на якіх паліцэйскія падвешвалі жывымі вязняў лагера. Дубы выглядаюць змучанымі, іх шырокія галіны пакручаныя, нібы ўвабралі боль і пакуты вязняў. Каля аднаго з дубоў ўстаноўлена памятная таблічка і агароджа.
Захаванне памяці аб тых трагічных часах з’яўляецца адной з галоўных задач для ўсіх будучых пакаленняў. У 2005 годзе указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь быўшы лагер у Калдычэва атрымаў статус мемарыяла.
- Помнік “Смуткуючая маці”
Страшэнныя сляды пакінуў гэты лагер на нашай зямлі…
Вось магіла. Адна з тых страшных магіл – роў, у некалькі слаёў запоўнены астанкамі расстраляных тут жанчын, дзяцей, старых. На невысокім пастаменце скульптура старой жанчыны, якая замерла ў смутным маўчанні.
Цэнтральнае месца мемарыяльнага комплексу займае манумент “Смуткуючая маці”, устаноўлены на месцы апошняга расстрэлу вязняў лагера. Пры адступленні паліцэйскія загадалі вязням вырыць яму 35 на 5 метраў у форме літары “Г”. 27 чэрвеня 1944 года на гэтым месцы фашысты расстралялі 1000 вязняў.
У радыўсе канцлагера да 2 кіламетраў знойдзены суцэльныя месцы масавага пахавання, і ў тым ліку 14 ямаў-магіл. Недалёка ад лагера знойдзена яма-магіла ў форме літары “Т”. Пры поўным раскрыцці ямы на глыбіні да трох метраў знойдзены трупы мужчын, жанчын і дзяцей, зваленыя ўніз тварам і са звязанымі калючым дротам рукамі.
У беразняку каля вёскі Арабаўшчына, за 1 кіламетр ад лагера, знойдзена 8 ямаў-магіл розных памераў да 45 метраў у даўжыню, дзе пахавана 5140 чалавек.
Кожны год, 9 Мая, на гэтым месцы праходзіць мітынг, прысвечаны Дню Перамогі, на якім ушаноўваецца памяць ахвяраў Калдычэўскага лагера смерці.
Ушануем памяць загінуўшых хвілінай маўчання.
Хвіліна маўчання
Лютая была вайна… Смяротная бітва з найвялікшаю няпраўдай і несправядлівасцю, якую калі-небудзь нараджала зямля. Гэта барацьба ўзяла ў чалавецтва безліч ахвяр і іхняй крывёй напісала ўрокі, якія немагчыма забыць. А як спытаюць яны ў нас: “Як без нас жыве зямля сёння? Ці памятаем мы яе ўрокі?”
І мы павінны адказаць, што добра разумеем: воля і мір – занадта кволыя дрэўцы, каб іх можна было вырасціць без усеагульнага клопату. Занядбанне гэтым урокам каштуе зямной катастрофы.
І цяпер нам ствараць яшчэ ненапісаную гісторыю нашай дзяржавы.
У загадкавым заўтра працягваць наша жыццё.
І толькі наша чалавечнасць, мужнасць, будуць вызначаць лёсы зямлі.
Мы паспрабуем быць шчаслівымі.